Чым толькі ні займаюцца школьнікі ў вольны ад заняткаў час! Спартыўныя і танцавальныя секцыі, маляванне, музыка, іншыя рознага кшталту гурткі. А з нядаўняга часу стала магчымым займацца яшчэ і... робататэхнікай! Так-так, пачынаючы з малодшых класаў, вучні сталічных школ могуць навучыцца канструяваць уласных маленькіх робатаў і задаваць для іх праграму.
«Школа робататэхнікі» — гэта камерцыйны праект трох сяброў-праграмістаў. Ігар Бялевіч, дырэктар школы, стаў задумвацца над тым, чаму неабходна навучыцца яго сыну сёння, каб гэта спатрэбілася ў будучыні. Думаў-думаў і прыдумаў: цяпер праграмісты, што называецца, «на кані», а ў будучыні запатрабаванымі будуць спецыялісты, якія з дапамогай праграм і машын-робатаў палегчаць жыццё звычайнаму чалавеку.
— Робататэхніка — гэта навука, якая знаходзіцца на нябачнай мяжы паміж віртуальным светам, куды з «галавой сышлі» нашы дзеці, і рэальнасцю, дзе дзейнічаюць законы фізікі, — расказвае Ігар. — Менавіта гэтая навука дазваляе пабываць і ў віртуальнасці, дзе патрабуецца валодаць і карыстацца рознымі формамі інфармацыі і шматлікімі праграмамі, і ў той жа час яна патрабуе разумення свету вакол нас.
Фёдар Кішчанка, намеснік дырэктара школы і яе ж выкладчык, дадае, што заняткі ў такіх гуртках дапамагаюць дзецям з малодшага школьнага ўзросту зрабіць першы крок у праграмаванне, бо асноўная частка работы — гэта не толькі сканструяваць самога робата, але і задаць яму праграму дзеянняў.
Што цікава, амерыканскія эксперты спрагназавалі, што бліжэй да 2020 года робататэхніка будзе адным з прыярытэтных кірункаў тэхнічных навук, таму ўжо з пачатку 2000-х у амерыканскіх школах дзеці знаёмяцца з азамі робататэхнікі, а ў суседняй Расіі школьнікі займаюцца ёй з 2007 года.
Прачытаць увесь матэрыял можна тут